Показаны сообщения с ярлыком Дыяблог. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Дыяблог. Показать все сообщения

понедельник, 26 января 2015 г.

Паэтка , кампазітар , выканаўца

Паэтэса і кампазітар Таццяна Атрошанка плённа працуе ў жанры песні .Сама творца часта выконвае іх на канцэртах у родным Маладзечна , запісвае іх у студыі.

Яе творы выконваюць таксама Ірына Дарафеева, Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, Аляксандр Салаўёў, салісты Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя Уладзіміра Мулявіна, творчыя калектывы Палаца культуры горада Маладзечна і іншыя.

Таццяна Атрошанка – сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса, кампазітар, выканаўца, кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Агмень”.Яна – чарговы госць нашай праграмы. Чакаем пытанняў да Таццяны.

вторник, 20 января 2015 г.

Таццяна Барадуля—лірык і парадыст

Не так часта ў адной асобе спалучаюцца тонкі лірык і іранічны парадыст . Асабліва , калі гэта жанчына. Таццяна Барадуля – Будовіч скончыла школу № 154 у 1994 годзе. У 1998 г. скончыла Інстытут сучасных ведаў па спецыяльнасці «фінансы і крэдыт». У 2005 г. завочна скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў філіяле музея Максіма Багдановіча «Беларуская хатка», у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, цяпер — навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча. Мае 3-ці спартыўны разрад па альпінізму і парашутным спорце. Замужам. Гадуе двух сыноў.

Першая вершаваная публікацыя з'явілася ў 1995 г. у часопісе «Першацвет». Падборкі яе вершаў друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Бярозка», газетах «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», «Наша ніва» і інш. У 2002 г. у выдавецтве «Беларускі кнігазбор» выйшла яе кніга паэзіі «Дуэль паглядаў». Літаратурна-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі неаднаразова друкаваліся ў газеце «Новы час» (дадатак «Літаратурная Беларусь»). Зрэдку піша і друкуе пародыі (пад псеўданімам Тадора Шпілька) на сучасных беларускіх паэтаў. Вершы Таццяны Будовіч тонка пачуццёвыя, вытанчаныя, а часам і філасафічныя, (сама)іранічныя, у іх нярэдка гучыць голас сур'ёзнага перажывання, адчуваецца ўсведамленне стваральнага і разбуральнага патэнцыялу кахання.

Пытанняў , думаю ў вас будзе нямала.

суббота, 20 декабря 2014 г.

Эпіграмы і пародыі Януся Мальца


   Янусь Малец ( Іван Вільгельмавіч ) нарадзіўся 08.02.1951 г. у в. Хрыстова, што на Пастаўшчыне. Закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1983). Працаваў рабочым, у часопісе «Вожык» (1993–1994). Друкуецца з 1974 г. Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў «Лагодны прамень раніцы» (1988), «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Творы пераважна ў жанры сатыры і гумару (зборнікі «Бедны конь», 1992; «Трава ў вушах», 1994).
Беларускі пісьменнік.

   Чакаем вашых пытанняў да нашага госця!

Аўтар вянка вянкоў санетаў

   Змітрака Марозава. Лірычныя вершы , санеты , кніжкі для дзяцей , песні , якія выконваюць папулярныя беларускія выканаўцы.
Плённы і разнастайны творчы набытак паэта

   Шэран кніг Змітрака Марозава адзначаны рэспубліканскімі прэміямі ў галіне літаратуры. Паэт з’яўляецца лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, міжнароднага літаратурнага конкурсу.

   Адно з яркіх яго дасягненняў – вянок вянкоў санетаў.

   Змітрок Марозаў – чарговы госць нашай праграмы.

понедельник, 8 декабря 2014 г.

Хутка ў гасцях "Дыяблогу" Казімір Камейша

  
 Казімір Камейша шмат гадоў быў рэдактарам на Беларускім радыё, пасля працаваў у часопісах “Полымя”, “Вясёлка”, “Маладосць”, “Вожык”. Паэт перакладае на беларускую мову творы рускіх, украінскіх і славацкіх пісьменнікаў.

   Казімір Камейша, арыентуючыся на класічную традыцыю Якуба Коласа, увасобіў у сваёй творчасці багацце нацыянальнай карціны свету. А яшчэ Казімір Камейша шмат увагі ў сваёй творчасці ўдзяляе дзіцячым і гумарыстычным вершам , з’яўляецца ўкладальнікам Анталогіі беларускай эпіграмы. У час нашай сустрэчы ў студыі “ Дыяблогу “ ён будзе гатовы таксама адказаць і на вашы пытанні.

вторник, 2 декабря 2014 г.

Усмешка Сяргея Панізніка

Усмешка Сяргея Панізніка
Не! Нашай мовы дух не знікне
І ўжо не счэзне спакваля,
Калі ў нас ёсць Сяргей Панізнік
І ёсць прыдзвінская зямля!

Гэтыя радкі я напісаў , калі наведваў “ Хатку бабкі Параскі “ на Верхнядзіншчыне , дзе паэт Сяргей Панізнік зрабіў сапраўдны музей , які падарыў потым раёну.Увогуле , пра дзейнасць Панізніка як краязнаўцы , грамадскага дзеяча можна расказваць вельмі доўга. А яшчэ ён цудоўны паэт , аўтар многіх кніжак для дарослых і дзяцей , гумарыстычных эпіграм і пародый, нястомны падароднік па родным краі і замежжы.

І што самае важнае – добры і спагадлівы чалавек , верны таварыш , гатовы прыйсці на дапамогу , падзяліцца ўсмешкай і спагадай. 

Чакаем вашых пытанняў да Сяргея Сцяпанавіча.

среда, 19 ноября 2014 г.

Пра гумар у беларускай паэзіі

  
Алесь Бадак -- вядомы беларускі паэт . Нарадзіўся ў сям'і рабочага. У школе цікавіўся творчасцю Ясеніна, потым Андрэя Вазнясенскага, Якуба Коласа. У 1983 годзе пасля заканчэння школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1984—1986). Пасля дэмабілізацыі працягнуў вучобу ва ўніверсітэце, які скончыў у 1990 годзе. У тым жа годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

   Працаваў пазаштатным карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюзу пісьменнікаў Беларусі (1990—1991), рэдактарам аддзелу, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» (1991—2001), рэдактарам аддзела часопіса «Полымя» (2001—2002), загадчыкам аддзела прозы, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (2002—2009). У 2009—2014 гадах галоўны рэдактар часопіса «Нёман». З 2014 года галоўны рэдактар часопіса «Полымя , намеснік дырэктара выдавецкага дома " Звязда".

   З Алесем Мікалаевічам мы будзем гаварыць пра гумар у беларускай паэзіі з пачатку 20-га стагоддзя і да сённяшніх дзён , пра публікацыі гумарыстычных твораў у нашых літаратурных выданнях.Задавайце свае пытанні госцю.

понедельник, 20 октября 2014 г.

Хутка ў "Дыяблогу P.S." Канстанцін Цыбульскі

Я пра чарку i жанчыну
Думкi выкiнуў свае.
Як купiў сабе машыну –
Не вылажу з-пад яе.
Пэўна старцер вiнаваты,
Не заводзiцца матор.
I купляю я да хаты
Не каўбасы, а жыклёр.

“Гэта радкі з жартоўнай песні на вершы Канстанціна Цыбульскага.Увогуле на яго рахунку нямала папулярных песень , напісаных вядомымі кампазітарамі на яго вершы.

Рыхтуецца праграма з паэтам-песеннікам Канстанцінам Цыбульскім . Чакаем вашых пытанняў.

понедельник, 13 октября 2014 г.

Хутка ў "Дыяблогу" Міхась Пазнякоў

  
   Міхась Пазнякоў нарадзіўся ў вёсцы Заброддзе Быхаўскага раёна ў сялянскай сям"і. У 1977 скончыў філалагічны факультэт БДУ. Яшчэ ў студэнцкія гады распачаў свой працоўны шлях як рабочы на Мінскім заводзе шасцерняў, пазней настаўнічаў у Бярэзінскім раёне і ў Мінску. Адразу ж па заканчэнні філалагічнага факультэта БДУ Міхаіл Паўлавіч ўступае ў складаны, але і прыцягальны свет навуковых даследаванняў, плёнам якіх сталі не толькі шматлікія навуковыя артыкулы, але і вялікі, грунтоўна падрыхтаваны “Слоўнік беларускай літаратурнай мовы”.

пятница, 10 октября 2014 г.

Заўтра ў гасцях "Дыяблогу" паэт Мікола Чарняўскі

    Паэт Мікола Чарняўскі нарадзіўся ў вёсцы Буда-Люшаўская ў сялянскай сям’і. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам замежнага вяшчання на Беларускім радыё, літаратурным супрацоўнікам, старшым рэдактарам аддзела, адказным сакратаром часопіса “Бярозка”, літаратурным рэдактарам у часопісе “Вясёлка”.

   Выдатнік народнай асветы. Выдатнік друку Беларусі. Першы верш “Васілёк” надрукаваны ў 1958 годзе ў газеце “Піянер Беларусі” (цяпер “Раніца”). Аўтар зборнікаў лірыкі “Чалавечнасць”, “Трывога”, “Прызба, альбо Смяяцца – не плакаць”, сатыры і гумару “Казёл-моднік”, “І не косяц, і не жнуць”, “Камар на матацыкле”, “Нашто бабе агарод”, “Лёкса ў люксе”, “У трох соснах…”, а таксама 25 кніжак вершаў і прозы для дзяцей. Чатыры разы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў на лепшы твор для дзяцей і юнацтва. Асобнымі кніжкамі выдаваўся ў Расіі і Польшчы.

четверг, 11 сентября 2014 г.

Аўтар жанру "Міранізмы"


Што такое “міранізмы “, ці крыўдзяцца паэты на пародыі, як знайсці беларускі гумар у інтэрнэце, усё гэта вы даведаецеся пад час гутаркі ў студы і з Міхасём Мірановічам.  Нарадзіўся 18 лютага 1948 года ў вёсцы Старына на Ўшаччыне.

Скончыў Вялікадолецкую сярэднюю школу ў 1965 годзе, Львоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Івана Франко ў 1973 годзе, атрымаўшы дыплом радыёфізіка. Вучыўся ў Львове, вайсковую службу праходзіў у Маскве, зараз жыве ў Віцебску.

вторник, 2 сентября 2014 г.

Пісьменнік з Гомеля

Васіль Ткачоў  жыве і працуе ў Гомелі. Ён надзвычай пладавіты пісьменнік, аўтар шматлікікніг. Плённа працуе Васіль Юр'евіч і ў галіне сатыры і гумару, публіцыстыкі. А ячшэ добра вядомы як драматург, спектаклі па асобных п’есах яго ставіліся нават за межамі Беларусі. 

Зборнік апавяданняў «Незвычайны дыктант» - гэта творы, адрасаваныя, перадусім, маладому чытачу, аднак таксама цікава іх будзе пачытаць і дарослым. Аўтар – тонкі псіхолаг, які ўмее паказаць багацце ўнутранага свету сваіх герояў, іх перажыванні, настроі душы.

Апавяданні поўныя гумару і маральнай чысціні вельмі пасуюць да хатняга сямейнага чытання і спрыяюць разважанням над далейшымі лёсамі герояў, іх захаваннямі, прымушаюць задумацца над тым як бы паступіў чытач, трапіўшы на месца персанажа таго ці іншага апавядання.


Чакаем пытанняў да нашага суразмоўцы.

пятница, 29 августа 2014 г.

Шляхі Пятра Васючэнкі

Здаецца , цяжка нават сабе ўявіць , што адзін чалавек яшчэ далёка не пенсійнага ўзросту змог напісаць каля дзвюх соцень літаратурных твораў самых розных жанраў , абараніць кандыдацкую дысертацыю па беларускай філалогіі.

Яго казкі і п'есы ставяцца на сцэнах беларускіх тэатраў, яго кнігі чытаюць людзі самых розных узростаў , бо ў іх ёсць дасціпны гумар і тонкая іронія, яго навуковыя працы вывучаюць студэнты і аспіранты...

Творы таленавітага майстра перакладаліся на англійскую , балгарскую , нямецкую  польскую , рускую , славацкую і чэшскую мовы.

Пятро Васючэнка -- наступны госць нашай праграмы і гатовы ў эфіры адказваць і на вашыя пытанні

вторник, 26 августа 2014 г.

Закаханы смехам, закаханы ў смех

Закаханы смехам , закаханы ў смех

Чужыя вершы патрашу,
Радкі прыдзірлива чытаю.
Кручу: прымаю , не прымаю...
Як Зэкаў я не напішу,
Таму пішу як Ермалаеў.

Гэтыя радкі паэт, гумарыст, сатырык, аўтар шматлікіх пародый Уладзімір Ермалаеў напісаў спецыяльна для новай перадачы з цыклу "Дыя@блог", вядучыя якой я, Навум Гальпяровіч, і сатырык Анатоль Зэкаў.

Уладзімір Ермалаеў нарадзіўся на Магілёўшчыне, працаваў у ВНУ сталіцы, кандыдаіт гістарычных навук.
Выступае ў друку з вершамі -- пераважна гумарыстычнымі, сатырычнымі і ў жанры пародыі. выдаў некалькі кніг, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.


Вы можаце задаваць Уладзімру Фамічу свае пытанні!

вторник, 19 августа 2014 г.

І жартам, і ўсур’ёз

Новая праграма рыхтуецца зараз на тэлеканале “Беларусь 3“. Кожную суботу гледачы змогуць стаць сведкамі забаўляльных сустрэч з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, парадыстамі, сатырыкамі. Ды і сама назва ПС расшыфроўваецца як “Паэт (пісьменнік) і сатырык”. Разам са мной, Навумам Гальпяровічам, праграму будзе весці паэт, вядомы парадыст Анатоль Зэкаў.

Сярод першых суразмоўцаў – кінадраматург, паэт, мастак Сяргей Давідовіч, вядомы гумарыст Уладзімір Ермалаеў, пісьменнік з Гомеля Васіль Ткачоў, галоўны рэдактар часопіса “Вожык“ Уладзімр Ліпскі…Як і ў праграме “Дыя@блог пра мову“, вы можаце стаць актыўнымі ўдзельнікамі перадач, адпраўляючы свае СМС паведамленні і пытанні на мой блог.
Да сустрэчы! Першы выпуск праграмы плануецца ужо 6 –га верасня. Сачыце за праграмай!

среда, 30 июля 2014 г.

Беларуска, якая пакарыла Парыж

Мастачка Ірына Котава нарадзілася ў Мінску, скончыла нашу Акадэмію мастацтваў. Тым не менш сёння – яна шырока вядома ў Францыі.
Мастаку адбыцца як творчай асобе ў Парыжы – вялікая ўдача. У Парыж імкнуліся ўсе сусветна вядомыя творцы, ён даў пуцёўку  Пікасо і Мадэльяні, Суціну і Шагалу, Далі  і Тулуз-Латрэку, нашаму Барысу Забораву…

Ірына закончыла ў Парыжы Свята –Сергіеўскі праваслаўны багаслоўскі інстытут, абараніла дысертацыю ў навукова-даследчым інстытуце Сарбоны. Актыўна супрацоўнічае з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Францыі.
Акрамя шматлікіх выставак за мяжой Ірына выстаўляецца і на радзіме. Яна часты госць у Мінску, Нясвіжы, дзе ажыццяўляе праект “падарожжа з Парыжу ў Нясвіж“.

А яшчэ – яна актыўны прыхільнік і носьбіт беларускай мовы. З ласкавай згоды Ірыны – яна адна з найбліжэйшых гасцей нашай праграмы. 
Чакаем вашых пытанняў. 

среда, 23 июля 2014 г.

Родная мова і ў замежжы жыве...

Станіслаў Іванавіч Шастак вось ужо сорак гадоў жыве ў Германіі. Скончыўшы БДУ па спецыяльнасці “фізіка“, год папрацаваўу Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР, а потым пасля жаніцьбы з аднакурсніцай пераехаў на яе радзіму ў тадышнюю ГДР. Працаваў навуковым супрацоўнікам у нямецкай Акадэміі навук, абараніў кандыдацкую дысертацыю.

У 1987 годзе стаў супрацоўнікам Клінікі вочных хвароб універсітэта ў Лейпцыгу. Займаўся распрацокай лазернага скальпеля і фотадынамічнай тэрапіяй.

среда, 9 июля 2014 г.

А дзе ж настаўнік?

Ля помніка Янку Купалу  ў цэнтры сталіцы ў дзень яго народзін сабраліся супрацоўнікі музея песняра, літаратары, прыйшлі дзеткі з выхавацелямі, відаць, са школьных летнікаў. Гучалі вершы, прамовы, ля помніка ўдзельнікі ўсклалі кветкі.

Пасля ў інтэрнэце з’явілася відэапытанка для хлопчыкаў і дзяўчынак: ці ведаюць яны, хто такі Янка Купала. І толькі адзін хлопчык больш –менш поўна і талкова мог адказаць, а астатнія чаго толькі не выдумлялі...А на пытанне, ці могуць яны сказаць што-небудзь па-беларуску, адзін пасля доўга паўзы прамовіў: “дзякуй”.

вторник, 8 июля 2014 г.

Прамаўлялі паэты . . .


У выступленні аднаго з іх прагучала нямала трагічных нот: “Няма мовы, няма беларусаў, няма народу!..” І нібыта высакародны яго быў гнеў, і нібыта шчымлівы быў яго боль, але нешта не давала душы адгукнуцца ў адказ…

 “А я? –думалася з трывогай, - а мае дзеці, а тыя, хто стаіць побач, а сотні маладых людзей, якія наладжваюць курсы мовы, а дзесяткі героеў маіх тэлеперадач? А настаўнікі? А вясковыя бабулі, што спяваюць купальскія песні ?А звычайныя простыя людзі, якія любяць і шануюць сваю мову? Нас што, таксама няма? 

воскресенье, 6 июля 2014 г.

Вы хочаце чытаць сусветна вядомыя коміксы па-беларуску? Тады глядзіце нас заўтра на "Беларусь 3". У гасцях "Дыяблогу" - Сяргей Козыраў

Калі ласка! На старонцы comicsby.by можна пачытаць у рэжыме анлайн альбо спампаваць коміксы пра Бэтмэна, чарапашак-ніндзя і "амерыканскіх вампіраў". Стваральнік сайта жыве ў Гомелі і завуць яго Сяргей Козыраў.

Мы зацікавіліся гэтай з'явай і запрасілі Сяргея ў адну з перадач. Думаецца, не толькі нам будзе цікава пазнаёміцца з Сяргеем Козыравым, паслухаць, як і чаму ствараўся яго сайт, паразважаць над тым, ці дапамагае ён маладым людзям лепш ведаць беларускую мову.

Далучайцеся і вы, сябры! Задавайце свае пытанні Сяргею!