понедельник, 24 февраля 2014 г.

А. Лукашанец: "беларускую мову павінны прапагандаваць людзі паважаныя, аўтарытэтныя..."

Інтэрв'ю з А.А. Лукашанцам:

- На сённяшні дзень беларуская мова не з’яўляецца сродкам зносін для большасці беларусаў. Чым Вы, як навуковец, гэта тлумачыце?

– Тут ёсць шмат фактараў і прычын уласна лінгвістычнага, сацыялінгвістычнага, прававога і псіхалагічнага плана. Гэта і сама сітуацыя блізкароднаснага двухмоўя, і праблема моўнай кампетэнцыі, і стэрэатыпы моўных паводзін, і праблемы моўнага асяроддзя і многае іншае. Адзін з моцных праблемных фактараў, якія ўплываюць на моўную сітуацыю ў Беларусі, – блізкароднаснасць дзвюх дзяржаўных моў. Справа ў тым, што выкарыстанне беларускай ці рускай мовы ніяк не ўплывае на ўзаемапаразуменне. Таму пытанне адстойвання сваіх моўных правоў не з’яўляецца для большасці грамадзян істотным. Блізкароднаснае двухмоўе аказвае значны ўплыў і на адносіны да беларускай мовы ў цэлым, і на выбар таго ці іншага варыянта беларускай літаратурна-пісьмовай мовы. Для тых, хто з дзяцінства гаворыць на беларускай мове, асабліва для прадстаўнікоў старэйшага і сярэдняга пакалення, абсалютна натуральнай з’яўляецца тая беларуская мова, якую мы вучылі ў школе.
Для тых жа, хто далучаецца да беларускай мовы з пазіцый ведання рускай, псіхалагічна больш прымальным з’яўляецца варыянт больш далёкі ад рускай мовы. Таму часта, асабліва моладзі і тым, хто прыходзіць да беларускай мовы з пазіцый іншай моўнай кампетэнцыі, падабаецца “тарашкевіца”. Тут праблема аддаленасці ад другой мовы, якая пастаянна прысутнічае ў нашай моўнай свядомасці. А гэта, як можна бачыць, не садзейнічае кансалідацыі беларускамоўнага асяроддзя.

Таму беларускай мове сёння трэба пазбавіцца ад “комплексу малодшай сястры”, комплексу блізкароднаснага адштурхоўвання. Яшчэ адзін немалаважны момант – гэта стэрэатыпы моўных паводзін. Для многіх дастаткова скаладана пераадолець пэўны псіхалагічны бар’ер, каб пачаць гаварыць па-беларуску. Але ж не трэба баяцца, што цябе не зразумеюць. Можна і паўтарыць, і патлумачыць, даць пераклад... Я, прынамсі, і ў магазіне, і ў аптэцы звычайна размаўляю на роднай мове, і мне часта адаказваюць па-беларуску. Проста самому трэба мець жаданне размаўляць. І ў гэтым сэнсе трэба вітаць любое беларускамоўнае маўленне: ад літаратурнага да розных варыянтаў некадыфікаванага, у тым ліку і трасянкі. Бо тая ж самая трасянка, калі яна пераважна беларуская, пачынае выковаць функцыю гарадскога прастамоўя і рэальна пашырае беларускамоўную прастору.

  – Якія змены патрэбны на ўзроўні школы, каб дзеці лепш ведалі беларускую мову? 

– Я прыхільнік таго, каб прадметы гуманітарнага цыкла, а таксама “Геаграфія Беларусі” незалежна ад мовы навучання ў школе выкладаліся на беларускай мове. Улічваючы нашу моўную сітуацыю, было б абсалютна справядліва, калі б у сістэме школьнай адукацыі прэферэнцыі аддаваліся менавіта беларускай мове, гэта значыць беларускай мове ў школе павінна адводзіцца большая колькасць гадзін у параўнанні з другой дзяржаўнай мовай – рускай.

Але самае галоўнае, павінна быць яшчэ і жаданне саміх носьбітаў мовы. Сёння ёсць у нас асобныя беларускамоўныя школы, класы. І калі ў нейкай школе з’явяцца хаця б 10 жадаючых вучыцца на роднай мове, то, я ўпэўнены, такі клас будзе адкрыты без усялякіх перашкод. Іншая справа, што не ўсе бацькі школьнікаў гатовы да гэтага.

  – Як Вы ставіцеся да выкарыстання ў Мінскім метро так званай “беларускай лацінкі”? Наколькі яна можа быць зразумелая іншаземцам, на якіх, дарэчы, і разлічана такая інфармацыя? 

– Мне ўжо даводзілася выказвацца на гэты конт, і я паўтару. Выкарыстанне ў метро так званай “беларускай лацінкі” цалкам адпавядае міжнародным стандартам. Выкарыстаная транслітарацыя ўласных назваў сродкамі іншага алфавіта не прывязана да якой-небудзь асобнай мовы. Яна разлічана на тых, хто карыстаецца мовай з іншай графічнай сістэмай. І тут галоўная мэта – візуальная пазнавальнасць назвы.

А не тое, ці дакладна іншаземны госць прачытае назву станцыі. Якая б сістэма транслітарацыі не прымянялася, носьбіт кожнай канкрэтнай мовы (англічанін, немец, француз ці іспанец) прачытае назву па-свойму. Галоўнае, што “беларуская лацінка” дазваляе аднолькава перадаць сродкамі лацінскага алфавіта тую ці іншую назву.

  – Не раз даводзілася чуць меркаванне, быццам беларуская мова не сучасная, застылая ў сваім развіцці на ўзроўні пачатку XX стагоддзя. Што Вы можаце адказаць? 

– Наша мова цалкам адпавядае патрэбам часу. І гэта не проста мая думка, гэта бясспрэчны факт. Беларуская мова сёння можа паспяхова выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах дзейнасці і жыцця сучаснага грамадства. Яе сродкамі могуць быць перададзены самыя складаныя тэксты – інтэлектуальныя, навуковыя і інш. У тыя ж 1990-я гады колькі выйшла перакладных тэрміналагічных слоўнікаў па розных галінах навукі. Гэта праца працягваецца і зараз. Напрыклад, у 2007 годзе выдадзены руска-беларускі слоўнік-даведнік “Основные термины метрологіі”, у 2012 – “Русско-белорусский терминологический словарь-справочник по порошковой металлургии”, вядзецца праца над іншымі слоўнікамі. Нягледзячы на тое, што выкарыстанне беларускай мовы ў некаторых сферах зведзена да мінімуму, ёсць тэндэнцыі, якія паказваюць яе жыццёвасць.

Мы бачым пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў канфесійнай сферы і інтэрнэце – там, дзе яе раней не было. І гэта ў пэўнай ступені адлюстроўвае яе прэстыж і запатрабаванасць. Адназначна – ні ў каталіцкім касцёле, ні ў праваслаўнай царкве 20 гадоў таму беларускай мовы не было, а зараз яна там рэальна прысутнічае і выкарыстоўваецца, асабліва ў касцёле. Больш таго, з’яўляюцца высокапрафесійныя пераклады Евангелля, іншых рэлігійных тэкстаў, дзе сродкамі сучаснай беларускай мовы перадаюцца ўсе асаблівасці жанру, ствараецца неабходная ўрачыстасць і ўзнёсласць маўлення... Гэта таксама гаворыць пра магчымасці развіцця нашай мовы. Не менш красамоўнае пацвярджэнне рэальнай запатрабаванасці беларускай мовы як сродку камунікацыі – шырокае распаўсюджанне яе ў інтэрнэт-прасторы. Відавочна, што ў Інтэрнэце выкарыстанне мовы абсалютна нікім не рэгламентавана, і калі беларуская мова там прысутнічае, значыць, яна рэальна запатрабавана, значыць, ёсць жаданне ў людзей карыстацца гэтай мовай. Не так даўно ў Інтэрнэце з’явілася інфармацыя аднаго венгерскага даследчыка аб распаўсюджанні моў свету ў інтэрнэт-прасторы. Па яго падліках, зараз у Інтэрнэце выкарыстоўваюцца толькі 3,6 працэнта жывых моў. Гэта значыць, што астатнія – 96,4 працэнта моў планеты для сусветнай павуціны фактычна не існуюць. Дык вось, беларуская мова уваходзіць у два першыя працэнты моў, якія прысутнічаюць у інтэрнэт-сферы. Гэта надзвычай цікавы і паказальны факт, бо беларуская мова якраз адносіцца да групы моў не самых пашыраных, але ў Інтэрнэце прадстаўлена вось так шырока.

– Аляксандр Аляксандравіч, а што, на Вашу думку, трэба зрабіць, каб у Беларусі шырэй карысталіся беларускай мовай?

– Найперш, нам трэба мяняць свае адносіны да мовы, а таксама ведаць свае моўныя правы. А калі больш дакладна, проста строга выконваць дзяржаўнае моўнае заканадаўства, і праблема будзе ў значнай ступені вырашана. Што такое дзяржаўнае двухмоўе? Гэта права кожнага грамадзяніна карыстацца адной ці другой дзяржаўнай мовай у сваёй дзейнасці, а абавязак дзяржавы праз свае інстытуты і сваіх служачых забяспечыць кожнаму грамадзяніну рэалізацыю гэтага права.

На практыцы гэта выглядае так: калі ў любую дзяржаўную структуру прыходзіць чалавек і звяртаецца па-беларуску, дык яму і павінны адказаць на гэтай мове. На маю думку, кожны дзяржаўны служачы абавязаны валодаць і рускай, і беларускай мовамі. Калі гэта будзе выконвацца, то і адносіны да беларускай мовы зменяцца. І не трэба нікога прымушаць, проста і грамадзянін, і дзяржава павінны строга выконваць свае абавязкі. У праблемы ёсць яшчэ адзін аспект.

Паверце, сёння ў нас даволі шмат грамадзян – і сталага ўзросту, і маладых – валодаюць беларускай мовай. Але ім не хапае моўнага асяроддзя. На гэту сітуацыю моцна ўплываюць і СМІ. Калі мы будзем больш чуць беларускую мову ў эфіры, бачыць людзей, якія на ёй гавораць, тым шырэй будзе моўнае асяроддзе і тым лягчэй будзе перайсці на яе выкарыстанне астатнім. Задача навукоўцаў – забяспечыць факталагічную і тэарэтычную базу для карыстання мовай. І мы гэта робім. Астатняе залежыць ад саміх грамадзян і ад органаў дзяржаўнага кіравання. Дарэчы, парадоксам сучаснага моўнага жыцця ў краіне з’яўляецца тое, што ў нас многія пазіцыянуюць сябе як патрыёты беларускай мовы, пры гэтым самі рэальна нічога не робяць, але з захапленнем крытыкуюць іншых.

 Я хачу паўтарыць адзін са сваіх тэзісаў наконт папулярызацыі роднай мовы. Ён гучыць так: беларускую мову павінны прапагандаваць людзі паважаныя, аўтарытэтныя, паспяховыя і прыгожыя. І калі мы часцей будзем чуць беларускую мову ад такіх людзей, гэта забяспечыць і адпаведнае стаўленне да яе ў грамадстве. Нам патрэбна ўсведамленне таго, што веданне беларускай мовы – неад’емны атрыбут высокаадукаванага, інтэлігентнага і культурнага чалавека.

Поўны тэкст анлайн-канферэнцыі будзе надрукаваны ў лютаўскім нумары часопіса “Беларуская думка”. 

Дарэчы, А. Лукашанец быў госцем нашага "Дыяблогу"! Праграму можна прагледзець тут

Комментариев нет :

Отправить комментарий