Прачытаў у інтэрнэце пост маладога журналіста пра тое, як важна не ганіць на кожным кроку, а любіць сваё, крэўнае і прыгадаў выпадак з маладосці. калі працаваў у Полацку ў мясцовай газеце.
Я быў карэктарам, на самай ніжэйшай у рэдакцыйнай іерархіі пасадзе, а бліскучы, выкшталцоны Аляксей Ільіч –уласным карэспандэнтам абласной газеты , што рабіла яго практычна роўным па пасадзе нашаму суроваму галоўнаму рэдактару. Мяне ён амаль не заўважаў, праходзячы па рэдакцыйных калідорах у рэдактарскі кабінет.
Але раптам сонца зірнула на зямлю: абласны журналіст даведаўся, што я захапляюся літаратурай і нават збіраю кніжкі, якія тады былі сапраўдным дэфіцытам.
І Еўтушэнка ў цябе ёсць, і Вазнясенскі ? –запытаў недаверліва пры сустрэчы, і атрымаўшы станоўчы адказ, запрасіў дадому на агледзіны свайго багацця. Акрамя кніжак Аляксей Ільіч збіраў пластынкі і касеты, у асноўным джаз.
-Я табе магу Леаніда Мартынава і Барыса Слуцкага за аднаго Еўтушэнку – прапанаваў ён. Я не згаджаўся, але абласны кар. напрасіўся да мяне зірнуць на мае кніжкі.
Іх тады ў мяне было не так многа: две-тры паліцы ў звычайнай кніжнай шафе, але Аляксей Ільіч настойваў і я мусіў павесці яго да сябе, дзе я жыў з бацькамі і сястрой.
-Нешта мэбля ў вас несучасная, -грэбліва падціснуўшы вусны сказаў госць , зірнуўшы на старэнькі буфет, канапу, крэслы, маю шафу. -Мяняць даўно пара ...
Я, канешне, тады змоўчаў, але пачуццё крыўды , абразы памятаю і па сёння. І зараз узгадваю, як радавалася мама, калі, атрымаўшы прэмію на рабоце, прывезла з мэблевай крамы новенькі буфет, як мне, васьмікласніку, бацькі на дзень нараджэння куплялі кніжную шафу замест нашай старэнькай этажэркі…
Гэта было сваё, роднае, як мой ціхі заштатны Полацк са слаўным мінулым, але ў маім дзяцінстве , зусім не бліскучым выглядам. Але пасмеў бы хто-небудзь зганіць мне мае родныя шосты завулак , паўразбураную Крыжа-Уздвіжанскую царкву , драўляны Чырвоны мост…
Пакалясіў з таго часу па свеце я нямала. Жыў у шыкоўных гатэлях, хадзіў па вуліцах Франкфурта, Капенгагена, Пекіна, любаваўся на горы Паміра, залатыя пяскі балгарскіх пляжаў, заснежаныя сосны ля Ханты- Мансійска…
Але нідзе і ніколі не ўзнікала жадання супрацьпаставіць гэтыя прыгожыя мясціны шэпту хваляў возера Шчаты на Полаччыне, цішыні ля цэркаўкі Спаса ў Ефрасіннеўскім манастыры , жоўтай хуткай плыні ціхай рэчачкі Палаты…
Сваё даражэй за ўсё. Як парэпаныя ад працы рукі маці, пах тытуню бацькавага “ Беламора”, першы ў жыцці веласіпед “Арлёнак“. Гэта не настальгія, гэта ,як пісаў паэт Алесь Пісьмянкоў, сум па чысціні, гэта сваё роднае.
Што думаеце вы, сябры ?
Здаецца, што гэта нейкая нацыянальная рыса: ганьбіць тое, што незадавальняе, замест таго, каб ухваляць тое, што сапраўды прыносіць асалоду.
ОтветитьУдалить"Змяняючы ўсё вакол", з сябе не пачынаем, да традыцый непаважліва ставімся. Вось і атрымліваецца: ні новага, ні старога.
А мне здаецца, што гэта гісторыя -- добры прыклад кожнаму чалавеку.
ОтветитьУдалитьПакуль не палюбіш сябе сам, цябе не зможа палюбіць ніхто іншы. І як можна прасіць ад іншага, каб ён паважаў тваю спадчыну, калі сам дрэнна да яе ставішся?
Дзякуй.
Удалить