пятница, 10 октября 2014 г.

Заўтра ў гасцях "Дыяблогу" паэт Мікола Чарняўскі

    Паэт Мікола Чарняўскі нарадзіўся ў вёсцы Буда-Люшаўская ў сялянскай сям’і. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам замежнага вяшчання на Беларускім радыё, літаратурным супрацоўнікам, старшым рэдактарам аддзела, адказным сакратаром часопіса “Бярозка”, літаратурным рэдактарам у часопісе “Вясёлка”.

   Выдатнік народнай асветы. Выдатнік друку Беларусі. Першы верш “Васілёк” надрукаваны ў 1958 годзе ў газеце “Піянер Беларусі” (цяпер “Раніца”). Аўтар зборнікаў лірыкі “Чалавечнасць”, “Трывога”, “Прызба, альбо Смяяцца – не плакаць”, сатыры і гумару “Казёл-моднік”, “І не косяц, і не жнуць”, “Камар на матацыкле”, “Нашто бабе агарод”, “Лёкса ў люксе”, “У трох соснах…”, а таксама 25 кніжак вершаў і прозы для дзяцей. Чатыры разы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў на лепшы твор для дзяцей і юнацтва. Асобнымі кніжкамі выдаваўся ў Расіі і Польшчы.

   Некаторыя творы перакладзены таксама на ўкраінскую, малдаўскую, літоўскую, кіргізскую, туркменскую, грузінскую, чувашскую, башкірскую мовы. Пераклаў на беларускую мову творы многіх паэтаў і празаікаў далёкага і блізкага замежжа. З’яўляецца аўтарам шэрагу тэкстаў песень і кантат. Вершы і казкі паэта друкаваліся ў калектыўных зборніках, змешчаны ў многіх школьных падручніках  і чытанках для пачатковых класаў.


   За высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры Мікола Чарняўскі ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прэміі імя Васіля Віткі часопіса “Вясёлка”, Літаратурнай прэміі  “Залаты Купідон”. Ганаровы член саюза пісьменнікаў Беларусі.

З паэтам мы сустрэнемся ў адной з бліжэйшых перадач, таму чакаем вашых пытанняў.

4 комментария :

  1. Некаторыя творы перакладзены на вяликую колькасць моў: у тым ліку, на кіргізскую, туркменскую, грузінскую, чувашскую, башкірскую мовы. А ці чулі вы як яны гучаць? Гэтак жа меладычна як на беларускай? мне здаецца, што беларускія вершы гучаць так як трэба толькі на беларускай мове

    ОтветитьУдалить
  2. Дзякуй вам за дзіцячыя вясёлыя вершы, скорагаворкі, лічылкі, загадкі. я лічу, што іх і так не хапае (па параўнанні з матэрыяламі на рускай мове) «Колькі ў сонейка сяброў!» - любімая кніга маіх дзяцей

    ОтветитьУдалить
  3. Мне здаецца, што Вам, Мікалай Мікалаевіч, варта напісаць сцэнар да добрага дзіцячага фільма, з вашым характэрным досціпам і гумарам.

    ОтветитьУдалить
  4. "Як зрабіць вясёлым дзень" - так называецца адна з вашых для дзяцей мал. шк. узросту. Як зрабіць вясёлым дзень для дарослых? Дзякуй

    ОтветитьУдалить